1984 (на белорусском языке) - Страница 21


К оглавлению

21

Ўiнстан нагнуўся i асцярожна пацёр сваю язву, якая зноў пачала свярбець. Пунктам, да якога непазбежна вярталiся думкi, была немагчымасць даведацца, якiм было жыццё да Рэвалюцыi. Ён выцягнуў з шуфляды падручнiк гiсторыi для школьнiкаў, якi пазычыў у панi Парсанс, i пачаў перапiсваць адтуль у свой дзённiк:

У старыя часы, да слаўнай Рэвалюцыi, Лондан не быў такiм цудоўным i прыгожым горадам, як цяпер. Гэта была змрочная, брудная, занядбаная мясцiна, дзе мала хто еў удосталь, дзе сотнi i тысячы, бедных людзей не мелi чаго абуць i не мелi нават даху над галавой, пад якiм можна было б спаць. Такiя дзецi, як вы, былi вымушаны дванаццаць гадзiн на дзень цяжка працаваць на жорсткiх гаспадароў, якiя бiлi iх бiзунамi, калi тыя працавалi занадта павольна, i давалi iм есцi толькi сухары i ваду. Але сярод гэтай страшэннай убогасцi стаяла некалькi вялiкiх прыгожых дамоў, у якiх жылi багатыя, што мелi да трыццацi слуг, якiя iх даглядалi. Гэтыя багатыя звалiся капiталiстамi. Гэта былi тоўстыя, брыдкiя людзi са злымi тварамi, як гэта можна бачыць на малюнку. Як вы бачыце, яны насiлi доўгi чорны пiнжак, якi зваўся сурдут, i смешны блiскучы капялюш, падобны да комiна, што зваўся цылiндр. Гэта была ўнiформа капiталiстаў, i нiхто болей не меў права яе насiць. Капiталiстам належала ўсё, што знаходзiлася на зямлi, i ўсе астатнiя людзi былi iх рабамi. Iм належала ўся зямля, усе дамы, усе заводы i ўсе грошы. Калi нехта iх не слухаўся, яны маглi кiнуць яго ў турму або адабраць у яго працу, каб ён памёр з голаду. Калi звычайна чалавек гаварыў з капiталiстам, ён мусiў нiзка схiляцца i выдыгаць перад iм, здымаць шапку i звяртацца да яго: "Сэр". Галоўны сярод капiталiстаў зваўся Каралём, i...

Але ён ужо ведаў, што будзе далей. Далей пойдуць апiсваннi бiскупаў з батыставымi манжэтамi, суддзяў у гарнастаевых мантыях, ганебнага слупа, кайданоў, катавальнага кола, "дзевяцiхвостага ката", банкету лонданскага лорд-мэра i звычаю цалаваць папскi чаравiк. Было тут таксама i гэтак званае права першай ночы, пра што, напэўна, няварта было пiсаць у школьным падручнiку. Гэта быў закон, згодна з якiм капiталiст меў права пераспаць з любой жанчынай, што працавала на любой яго фабрыцы.

Адкуль даведацца, колькi ва ўсiм гэтым было хлуснi? Можа, i праўда, што звычайнаму чалавеку сёння жылося лепей, чым да Рэвалюцыi. Адзiным сведчаннем супраць гэтага быў глухi пратэст уласных костак, iнстынктыўнае адчуванне, што цяперашнiя ўмовы жыцця былi невыносныя i раней мусiла быць iначай. Ён адзначыў, што сапраўднай адметнасцю цяперашняга жыцця была не жорсткасць i небяспечнасць, а проста яго нiкчэмнасць, яго ўбогасць, яго абыякавасць. Калi азiрнуцца навокал, можна было заўважыць, што жыццё не толькi не мела нiчога агульнага з той хлуснёй, што валiла патокам з тэлегляда, але нават не адпавядала iдэалам, вызначаным Партыяй. Большая частка жыцця нават сябры Партыi праходзiла нейтральна i апалiтычна i складалася з клопатаў пра тое, як захапiць месца ў метро, як зацыраваць падраную шкарпэтку, як выпрасiць пару таблетак сахарыну звыш убогай нормы, як захаваць недакурак. Iдэалам, да якога iмкнулася Партыя, было нешта вялiзнае, пагрозлiвае, блiскучае - свет са сталi i бетону, свет гiганцкiх машын i грознай зброi, нацыя воiнаў i фанатыкаў, якiя б маршыравалi наперад у дасканалай еднасцi, думаючы аднолькавыя думкi i крычучы аднолькавыя лозунгi; свет, дзе ўсе б няспынна працавалi, змагалiся, перамагалi, пераследавалi - трыста мiльёнаў чалавек, усе на адзiн твар. А ў сапраўднасцi iснавалi гарады, што паволi ператваралiся ў руiны, па вулiцах сноўдалiся галодныя людзi ў дзiравых чаравiках, людзi гэтыя жылi ў абы-як адрамантаваных дамах дзевятнаццатага стагоддзя, дзе заўсёды смярдзела капустай i сапсаванымi прыбiральнямi. Лондан здаваўся яму вялiзным горадам-руiнай, горадам мiльёна сметнiкаў, i на гэтым фоне ён бачыў вобраз панi Парсанс, жанчыны з маршчынiстым тварам i раскудлачанымi валасамi, якая бездапаможна корпаецца ў засмечанай ракавiне.

Ён нагнуўся i зноў пачухаў нагу. Удзень i ўночы тэлегляды забiвалi галаву лiчбамi, з якiх вынiкала, што людзi цяпер маюць болей ежы, болей адзення, лепшыя кватэры i лепшыя забавы; што яны жывуць даўжэй, што iх працоўны дзень карацейшы, што яны вышэйшыя, здаравейшыя, мацнейшыя, шчаслiвейшыя, разумнейшыя, адукаванейшыя, чым пяцьдзесят гадоў таму. Пры гэтым нiводнае слова нельга было нi пацвердзiць, нi абвергнуць. Партыя, напрыклад, сцвярджала, што цяпер 40 адсоткаў дарослых пролаў маглi чытаць i пiсаць. Да Рэвалюцыi ж, як сцвярджалася, гэтая лiчба складала толькi 15 адсоткаў. Партыя сцвярджала, што дзiцячая смяротнасць складала цяпер толькi 160 на тысячу, тым часам як да Рэвалюцыi - 300, i гэтак далей. Гэта было як адно ўраўненне з двума невядомымi. Цалкам магчыма, што лiтаральна кожнае слова ў падручнiках гiсторыi, нават тое, што прымалася без нiякiх сумненняў, проста прыдуманае. Такi закон, як права першай ночы, такая iстота, як капiталiст, цi такi ўбор, як цылiндр, маглi i ўвогуле нiколi не iснаваць.

Усё расплывалася ў тумане. Мiнулае знiшчалася, факт знiшчэння забываўся, хлусня рабiлася праўдай. Толькi аднойчы ў жыццi - пасля самой падзеi, што вельмi iстотна, - ён меў вiдавочны i бясспрэчны доказ фальшавання. Ён трымаў яго ў руках цэлыя трыццаць секунд. Гэта было недзе ў 1973 годзе - прыблiзна тады, калi яны разышлiся з Кэтрын. Але дата, якой датычыўся гэты доказ, адстаяла ў часе яшчэ не сем цi восем гадоў раней.

Уласна кажучы, гэтая гiсторыя сягае пачаткамi ў сярэдзiну 60-х гадоў, час вялiкiх чыстак, калi былыя правадыры Рэвалюцыi раз i назаўсёды былi злiквiдаваныя. Недзе каля 1970 года нiкога з iх ужо не засталося, акрамя самога Вялiкага Брата. Усе астатнiя былi тым часам выкрытыя як здраднiкi i контррэвалюцыянеры. Гольдштэйн паспеў уцячы i недзе схаваўся, з iншых некаторыя проста знiклi, а большасць была пакараная смерцю пасля сенсацыйных паказальных працэсаў, дзе яны прызналiся ў сваiх злачынствах. Сярод апошнiх ацалелых былi тры чалавекi - Джоўнз, Эрансан i Радэрфорд. Каля 1965 года гэтых трох таксама арыштавалi. Як часта здаралася, яны знiклi на нейкi год цi болей, так, што было невядома, цi яны яшчэ жылi, а тады зноў нечакана з'явiлiся i, як звычайна, выступiлi з самаабвiнавачаннямi. Яны прызналi сябе вiнаватымi ў змове з ворагам (тады таксама ворагам была Эўразiя), у растраце грамадскiх грошай, у забойстве некаторых старых сябраў Партыi, у змове супраць Вялiкага Брата, якую яны рыхтавалi яшчэ задоўга да Рэвалюцыi, i ўрэшце ў актах сабатажу, якiя пацягнулi за сабой смерць сотняў тысяч людзей. Пасля гэткiх прызнанняў iм даравалi вiну, аднавiлi ў Партыi i даверылi пасады з гучнымi назвамi, якiя ў сапраўднасцi былi толькi сiнекурай. Усе трое надрукавалi ў "Таймз" аб'ёмныя нiзкапаклонныя артыкулы, дзе падрабязна тлумачылi прычыны сваёй здрады i абяцалi выправiцца.

21